33booksforanotherbelarus 33booksforanotherbelarus

Радзіна

Аўтар

Збых Слупоўскі

Пра кнігу

**Радзіна ** (Сатырычны раман)

Персанажы рамана належаць да некалькіх пакаленняў, якія на працягу гісторыі перажываюць усё новыя і новыя навалы і радыкальныя перамены: рэвалюцыю, калектывізацыю, вайну, Халакост, пярэбары з вёсак у гарады, перабудову і гэтак далей. Ад таго, на якім баку чалавек апынецца пры наступным пераломным моманце, будзе залежыць не толькі яго ўласнае жыццё, але і лёс яго нашчадкаў. Лініі фронту штораз нанава расколваюць сем’і і супольнасці, як гэта напраўду адбывалася і адбываецца ў Беларусі.
У гульнявой манеры аўтар выкрывае розныя стэрэатыпы, дагэтуль пашыраныя ў беларускім грамадстве, і з страшнаватым гумарам дэманструе, што ў беларускай гісторыі не было простых ліній, так што, калі ёсць жаданне наблізіцца да праўды пра гэтую прастору, непазбежна давядзецца акунуцца ў вір цёмных гісторый.

Пра аўтара

Збігнеў Леа-Пётр Слупоўскі, вядомы таксама як Збых Слупоўскі (творчы псеўданім), нарадзіўся 29 лютага 1971 года ў Вітрумічах на Баранавіччыне ў яўрэйска-польскай сям’і. Яго бацька пачынаў сваю кар’еру меламедам — настаўнікам у хедары, потым стаў галоўным падатковым інспектарам вобласці. Маці паходзіла з сям’і функцыянераў Польскай аб’яднанай рабочай партыі, якія пасля крызісу 1968 года вымушаны былі эміграваць у Беларусь. У школе Збых заўсёды быў выдатнікам. Скончыўшы школу ў Вітрумічах, паступіў на трактарабудаўнічы факультэт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праз нейкі час перавёўся ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, каб вывучаць наладжванне дабрабыту на вёсцы. Атрымаўшы дыплом, у 1997 годзе абараніў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дысертацыю аб апладненні жывёл ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання. Адначасова займаўся літаратурнай і перакладчыцкай дзейнасцю. У 2020 годзе ў выдавецтве «Галіяфы» выйшаў першы раман Збыха Слупоўскага «Нарысы сучаснага краязнаўства». Слупоўскі працуе ў Інстытуце аграрнай біяфізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мае больш за 100 навуковых прац і пасведчанняў аб паспяховым правядзенні апладнення жывёл. Жанаты, мае двух катоў.

Зважаючы на палітычную сітуацыю ў Беларусі, біяграфія аўтара з прычын бяспекі выдуманая, яго асоба застаецца невядомай.

Пра выдаўца

«Галіяфы» — незалежнае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. 16 красавіка 2022 года дзейнасць выдавецтва была прыпыненая Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавецтва «Галіяфы» цягам 15 гадоў выпускала кнігі сучасных беларускамоўных аўтараў, якія не падтрымліваліся дзяржавай. Творы гэтых аўтараў ініцыявалі творчыя працэсы ў краіне, спрыялі захаванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Сярод аўтараў, кнігі якіх выдавалі «Галіяфы», — пісьменнікі, што сёння вызначаюць дыскурс аб Беларусі ў нямецкамоўных краінах: Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Вольга Гапеева, Юля Цімафеева.
Кнігі «Галіяфаў» неаднаразова адзначаліся беларускімі недзяржаўнымі літаратурнымі прэміямі, у тым ліку двойчы прэміяй «Кніга году».

Стан вытворчасці

Мы яшчэ шукаем выдаўца для кнігі.