Незалежным выдавецтвам Беларусі і ў лепшыя часы даводзілася змагацца за існаванне. Пасля падаўлення рэвалюцыі 2020 года прастора, дзе была магчымая іх дзейнасць, усё больш звужалася і на сённяшні дзень ледзь не цалкам знікла. Частка выдавецтваў была змушана спыніць працу, для тых, хто фармальна яшчэ можа працаваць, умовы настолькі ўскладніліся, што выпуск кніг зрабіўся амаль немагчымым. Некаторыя літаратары і літаратаркі апынуліся за кратамі, шмат хто з выдаўцоў, перакладчыц і перакладчыкаў пакінуў краіну.
Што ў такой сітуацыі чакае ўжо перакладзеныя і адрэдагаваныя кнігі? Што будзе з тымі, якія ўжо звярстаныя? Няўжо выхад цэлага шэрагу кніг давядзецца адкласці на нявызначаны час?
Ініцыятыва «33 кнігі для іншай Беларусі» мае на мэце паспрыяць выхаду прынамсі 33 кніг, якія ў цяперашніх умовах не могуць пабачыць свет у Беларусі.
Дзеля гэтага ініцыятыва «33 кнігі для іншай Беларусі» стварае сетку партнёраў з розных еўрапейскіх краін, гатовых часова дапамагаць з выпускам беларускіх кніг. Можна гаварыць пра працяг традыцыі тамвыдату часоў халоднай вайны, калі замежныя выдавецтвы друкавалі непажаданыя на радзіме кнігі ў арыгінале. Тамвыдатаўскія кнігі чыталіся не толькі ў дыяспары, падпольнымі шляхамі яны траплялі і за жалезную заслону, а яшчэ былі каштоўным матэрыялам для даследаванняў у славістыцы. Сёння тэхнічныя магчымасці дасягнулі іншага ўзроўню, таму «33 кнігі для іншай Беларусі» — не тагачасны тамвыдат. Цяпер больш спосабаў пераадолець межы: 33 еўрапейскія выдавецтвы будуць выпускаць беларускія кнігі ў друкаваным выглядзе для міжнароднай аўдыторыі і ў электронным фармаце, лёгкадаступным для чытачак і чытачоў у Беларусі.