Ігнат Абдзіраловіч
Адвечным шляхам
Ад самага пачатку гэтага эсэ, напісанага ў 1921 годзе, аўтар апісвае Беларусь як «граніцу паміж Усходам і Захадам», культуру без рэзка акрэсленых контураў. Трагедыю беларускай нацыі Канчэўскі бачыць у ваганні паміж Усходам і Захадам. Але выйсце, кажа ён, палягае не ў выбары на карысць Захаду ці Усходу з іх формамі культуры, а ў развіцці рухомай, нязмушанай, «ліючайся» формы.
Гэтая яшчэ не існая форма жыцця мае сілкавацца творчасцю, якую Канчэўскі ўважае за касмічную сілу і жыццёвую падставу. Сацыяльным рухам, на яго гледзішча, бракуе сацыяльнай творчасці, без якой не абысціся, калі стаіць задача вызваліцца з абмежаванняў існуючых формаў жыцця.
Новая «ліючаяся» форма магла б стаць рашэннем і для развіцця беларускай ідэнтычнасці, контуры якой спрадвеку не паддаюцца вызначэнню.
У Савецкім Саюзе да перыяду перабудовы эсэ нельга было прачытаць у вольным доступе. У незалежнай Беларусі тэкст мае вялікі ўплыў на беларускую інтэлектуальную сферу. Іменем аўтара названы сайт «адкрытага праекту беларускага мыслення», дзе інтэлектуалы публікуюць свае праграмныя тэксты.
З часоў беларускіх пратэстаў 2020 года, якія вызначаліся асаблівай крэатыўнасцю, паняцці «ліючайся формы» і «сацыяльнай творчасці» сталі ўжывацца яшчэ шырэй.
Па-за межамі Беларусі кніга застаецца амаль не вядомай. Двухмоўнае выданне ўмажлівіла б, з аднаго боку, новы погляд на Беларусь — краіну «без контураў», з другога — канцэпцыя ліючайся формы цікавая ў культуралагічным плане. Форма, што ёсць рухомай і зменлівай, не робячыся, тым не менш, бясформеннай, — гэтая канцэпцыя відавочна нясе прадукцыйны патэнцыял і для нашай сучаснасці.
Ігнат Канчэўскі, творчы псеўданім: Ігнат Абдзіраловіч (1896–1923)
— беларускі паэт, філосаф і публіцыст, лічыцца адным са значных мысляроў беларускага незалежніцкага руху на пачатку ХХ стагоддзі.
Канчэўскі нарадзіўся ў сям’і сакратара суда ў Вільні (Вільнюсе). У 1913 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, але ў наступным годзе перавёўся ў Маскоўскі ўніверсітэт.
Прызваны ў 1916 годзе ў расійскае войска, ужо пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ён вярнуўся ў Маскву, дзе вучыўся на Вышэйшых кааператыўных курсах пры ўніверсітэце імя А. Л. Шаняўскага.
Канчэўскі быў сацыял-рэвалюцыянерам і падтрымліваў украінскі нацыянальны рух. Займаў пасад у розных кааператыўных установах у Вільні і Смаленску. У 1919 годзе пераехаў у Мінск, працаваў у Саўнаргасе і ў Беларускім цэнтральным саюзе спажывецкіх таварыстваў. Пасля пераезду ў Вільню там таксама быў супрацоўнікам саюза кааператываў.
У Вільні публікаваў вершы, палітычныя артыкулы і рэцэнзіі. Найбольш вядомы твор Канчэўскага — эсэ «Адвечным шляхам»).
У пачатку 1920-х гадоў захварэў на сухоты і пасля працяглага, але беспаспяховага лячэння памёр 23 красавіка 1923 года.
Назва беларускага выдавецтва, у якім мусіць выйсці ў свет кніга, з прычын бяспекі захоўваецца ў сакрэце.
Рэдактарка: Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч — паэтка, перакладчыца, публіцыстка і арганізатарка культурных праектаў. Нарадзілася ў 1982 годзе ў Мінску. Перакладае паэзію і прозу з англійскай, польскай, рускай, украінскай, чэшскай моваў на беларускую. Каардынатарка шматлікіх культурных праектаў, арганізатарка літаратурных падзей. З 2017 года рэдактарка кніжнай серыі «Амерыканка», з 2020 — серыі «Градус» у выдавецтве Змітра Коласа. Выдала шэраг перакладных кніг і чатыры ўласныя. За кнігу «Сарматыя» атрымала ў 2019 годзе дзве літаратурныя прэміі. Жыве ў Мінску.
Выдавец пакуль не вызначаны.